Літаратурная гасцёўня-прэзентацыя “Жыццё дадзена на добрыя справы” праведзена 20 лютага ў актавай зале гімназіі.
Якім павінен быць сучасны малады чалавек?
Напэўна, кожны вучань нашай гімназіі, не задумваючыся, адкажа: асвоіць камп’ютар, інтэрнэт, мець сучасны тэлефон… І толькі дзесьці на пятым-шостым месцы прагучаць тыя спрадвечныя агульначалавечыя якасці: дабрыня, спагада, суперажыванне, любоў, добразычлівасць…
Вось пра гэтыя духоўныя каштоўнасці мы хацелі пагаварыць на літаратурнай гасцёўні-прэзентацыі “Жыццё дадзена на добрыя справы”, праведзенай 20 лютага ў актавай зале гімназіі.
Колькі пранікнёных слоў сказалі беларускія паэты пра дабрыню, сумленнасць, спагаду, ласку, веру, любоў! Менавіта такія вершы прачыталі Карапаева Валерыя, Грыгор’ева Міраслава, Шмукста Дзмітрый.
А яшчэ на мерапрыемстве прысутнічала дарагая госця. Гэта Вікторыя Смолка – выпускніца нашай гімназіі, якая цяпер вучыцца на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. А яшчэ Вікторыя піша вершы. І ўжо выдала зборнік, які назвала “Зоркаму сэрцу”. Чаму менавіта так названы зборнік? Вікторыя патлумачыла. А ўдумлівы чытач зразумее, калі ўважліва прачытае вершы, змешчаныя ў гэтым зборніку. Як гэта зрабілі вучаніцы 7 “Ю” класа Асінцава Кацярына, Мухіна Валерыя і Грыгор’ева Міраслава, якія дэкламавалі “вершаняткі” нашай выпускніцы.
Раім і вам пазнаёміцца з паэзіяй Вікторыі Смолкі. А яе зборнік “Зоркаму сэрцу” ёсць у кнігарнях горада, а таксама ў кабінеце №303 і ў бібліятэцы гімназіі.